République de Biélorussie

Loi sur les langues

nº 187 de la version de 1998

Version en biélorusse

Cette version en biélorusse de la Loi sur les langues est celle qui a été modifiée en 1998 à partir de la version de 1990. On trouvera une traduction française de cette loi no 187 en cliquant ICI, s.v.p. La numérotation des paragraphe n'est pas indiquée dans la version originale; elle a été ajoutée ici par souci de correspondance avec la traduction française.

ЗАКОН РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

13 ліпеня 1998 г. № 187-З

Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь»

Прыняты Палатай прадстаўнікоў 18 чэрвеня 1998 года
Адобраны Саветам Рэспублікі 29 чэрвеня 1998 года

«ЗАКОН РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь

ГЛАВА 1
АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ

Артыкул 1.

Мэты заканадаўства аб мовах у Рэспубліцы Беларусь

Заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб мовах мае на мэце ўрэгуляванне адносін у галіне развіцця і ўжывання беларускай, рускай і іншых моў, якімі карыстаецца насельніцтва рэспублікі ў дзяржаўным, сацыяльна-эканамічным і культурным жыцці, ахову канстытуцыйных правоў грамадзян у гэтай сферы, выхаванне паважлівых адносін да нацыянальнай годнасці чалавека, яго культуры і мовы, далейшае ўмацаванне дружбы і супрацоўніцтва народаў.

Артыкул 2.

Дзяржаўныя мовы, іншыя мовы ў Рэспубліцы Беларусь

1) У адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь дзяржаўнымі мовамі Рэспублікі Беларусь з’яўляюцца беларуская і руская мовы.

2) Рэспубліка Беларусь забяспечвае ўсебаковае развіццё і функцыянаванне беларускай і рускай моў ва ўсіх сферах грамадскага жыцця.

3) Рэспубліка Беларусь праяўляе дзяржаўны клопат аб свабодным развіцці і ўжыванні ўсіх нацыянальных моў, якімі карыстаецца насельніцтва рэспублікі.

4) Дзяржаўныя органы, органы мясцовага кіравання і самакіравання, прадпрыемствы, установы, арганізацыі і грамадскія аб’яднанні ствараюць грамадзянам Рэспублікі Беларусь неабходныя ўмовы для вывучэння беларускай і рускай моў і дасканалага валодання імі.

5) Закон не рэгламентуе ўжывання моў у неафіцыйных зносінах, у зносінах членаў працоўных калектываў паміж сабой.

Артыкул 3.

Права грамадзян карыстацца іх нацыянальнай мовай

1) Грамадзянам Рэспублікі Беларусь гарантуецца права карыстацца іх нацыянальнай мовай. Ім гарантуецца таксама права звяртацца ў дзяржаўныя органы, органы мясцовага кіравання і самакіравання, на прадпрыемствы, ва ўстановы, арганізацыі і грамадскія аб’яднанні на беларускай, рускай або іншай прымальнай для бакоў мове.

2) Рашэнне па сутнасці звароту афармляецца на беларускай або рускай мове.

Артыкул 4.

Абавязак кіраўнікоў, іншых работнікаў дзяржаўных органаў, органаў мясцовага кіравання і самакіравання, прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый і грамадскіх аб’яднанняў валодаць беларускай і рускай мовамі

Кіраўнікі, іншыя работнікі дзяржаўных органаў, органаў мясцовага кіравання і самакіравання, прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый і грамадскіх аб’яднанняў павінны валодаць беларускай і рускай мовамі ў аб’ёме, неабходным для выканання імі сваіх службовых абавязкаў.

Артыкул 5.

Гарантыі правоў грамадзян пры разглядзе падаваемых імі дакументаў у дзяржаўныя органы, органы мясцовага кіравання і самакіравання, на прадпрыемствы, ва ўстановы, арганізацыі і грамадскія аб’яднанні

1) Дзяржаўныя органы, органы мясцовага кіравання і самакіравання, прадпрыемствы, установы, арганізацыі і грамадскія аб’яднанні павінны прымаць і разглядаць дакументы, якія падаюцца грамадзянамі на беларускай, рускай мовах.

2) Адмова службовай асобы прыняць і разгледзець зварот грамадзяніна на беларускай, рускай мовах са спасылкай на няведанне мовы звароту цягне за сабой адказнасць у адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам.

Артыкул 6.

Абарона моў

1) Усякія прывілеі ці абмежаванні правоў асобы па моўных прыметах недапушчальныя.

2) Публічная знявага, ганьбаванне дзяржаўных і іншых нацыянальных моў, стварэнне перашкод і абмежаванняў у карыстанні імі, пропаведзь варожасці на моўнай глебе цягнуць устаноўленую законам адказнасць.

ГЛАВА 2

МОВА ДЗЯРЖАЎНЫХ ОРГАНАЎ, ОРГАНАЎ МЯСЦОВАГА КІРАВАННЯ I САМАКІРАВАННЯ, ПРАДПРЫЕМСТВАЎ, УСТАНОЎ, АРГАНІЗАЦЫЙ I ГРАМАДСКІХ АБ’ЯДНАННЯЎ

Артыкул 7.

Мова актаў дзяржаўных органаў і органаў мясцовага кіравання і самакіравання

1) Акты дзяржаўных органаў Рэспублікі Беларусь прымаюцца і публікуюцца на беларускай і (або) рускай мовах.

2) Акты органаў мясцовага кіравання і самакіравання прымаюцца і публікуюцца на беларускай і (або) рускай мовах, а пры неабходнасці – і на нацыянальнай мове большасці насельніцтва той ці іншай мясцовасці.

Артыкул 8.

Мова справаводства і дакументацыі

1) У Рэспубліцы Беларусь мовамі справаводства і дакументацыі, а таксама мовамі ўзаемаадносін дзяржаўных органаў, органаў мясцовага кіравання і самакіравання, прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый і грамадскіх аб’яднанняў з’яўляюцца беларуская і (або) руская мовы.

2) Тэксты на пячатках, штампах, штэмпелях, фармулярах, афіцыйных бланках дзяржаўных органаў, органаў мясцовага кіравання і самакіравання, прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый і грамадскіх аб’яднанняў выконваюцца на беларускай і (або) рускай мовах.

Артыкул 9.

Мова тэхнічнай і праектнай дакументацыі

Тэхнічная і праектная дакументацыя ў Рэспубліцы Беларусь рыхтуецца на беларускай або рускай мове, а з улікам прызначэння – на іншай мове.

Артыкул 10.

Мова дакументаў аб статусе грамадзян Рэспублікі Беларусь

Афіцыйныя дакументы, якія сведчаць статус грамадзяніна, – пашпарт, працоўная кніжка, дакументы аб адукацыі, пасведчанні аб нараджэнні, шлюбе, а таксама дакументы аб смерці асобы – выконваюцца на беларускай і (або) рускай мовах, а асобныя дакументы пры неабходнасці – на беларускай (рускай) і іншай мовах.

Артыкул 11.

Мова з’ездаў, канферэнцый і іншых форумаў

1) У Рэспубліцы Беларусь рабочымі мовамі з’ездаў, сесій, канферэнцый, пленумаў, пасяджэнняў, нарад, іншых сходаў з’яўляюцца беларуская і (або) руская мовы.

2) Рабочай мовай міжнародных сходаў і форумаў, якія праводзяцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, з’яўляецца мова, вызначаная ўдзельнікамі сходу ці форуму.

3) Удзельнікам мясцовых, рэспубліканскіх і міжнародных сходаў і форумаў гарантуецца права выбіраць мову выступленняў з забеспячэннем перакладу на рабочую мову.

Артыкул 12.

Мова дакументаў па выбарах дэпутатаў і іншых асоб, выбіраемых на дзяржаўныя пасады народам

1) Дакументацыя па выбарах дэпутатаў і іншых асоб, выбіраемых на дзяржаўныя пасады народам, афармляецца на беларускай або рускай мове.

2) Выбарчыя бюлетэні друкуюцца на беларускай або рускай мове.

Артыкул 13.

Мова ў сферы абслугоўвання

На транспарце, у гандлі, у сферы медыцынскага і бытавога абслугоўвання ўжываецца беларуская або руская мова, а пры неабходнасці – іншыя мовы.

Артыкул 14.

Мова судаводства

1) У Рэспубліцы Беларусь судаводства вядзецца на беларускай або рускай мове.

2) Пры разглядзе ў судах крымінальных і грамадзянскіх спраў, гаспадарчых спрэчак асобам, што прымаюць удзел у справе і не валодаюць мовай судаводства, забяспечваюцца права азнаямлення з адпаведнымі матэрыяламі, удзел у судовых дзеяннях праз перакладчыка, права выступаць у судзе на мове, якой яны валодаюць.

3) Следчыя і судовыя дакументы выдаюцца асобам, што прымаюць удзел у справе, па іх патрабаванню ў перакладзе на мову, якой яны валодаюць.

Артыкул 15.

Мова вядзення спраў аб адміністрацыйных правапарушэннях

1) Вядзенне спраў аб адміністрацыйных правапарушэннях у Рэспубліцы Беларусь ажыццяўляецца на беларускай або рускай мове.

2) Калі асоба, што прыцягваецца да адміністрацыйнай адказнасці, не валодае мовай, на якой вядзецца справа, яна можа выступаць на роднай мове і карыстацца дапамогай перакладчыка.

Артыкул 16.

Мова натарыяльнага справаводства

1) Натарыяльнае справаводства ў Рэспубліцы Беларусь вядзецца на беларускай або рускай мове.

2) Калі асоба, што звярнулася за ажыццяўленнем натарыяльнага дзеяння, не валодае мовамі, на якіх вядзецца справаводства, тэксты дакументаў павінны быць перакладзены ёй натарыусам або іншай службовай асобай, што ажыццяўляе натарыяльнае дзеянне, у адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 17.

Мова пракурорскага нагляду

1) Акты пракурорскага нагляду ў Рэспубліцы Беларусь складаюцца на беларускай або рускай мове. Пры ажыццяўленні пракурорскага нагляду на гэтых мовах вядзецца і перапіска з усімі дзяржаўнымі органамі, органамі мясцовага кіравання і самакіравання, прадпрыемствамі, установамі, арганізацыямі і грамадскімі аб’яднаннямі, размешчанымі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

2) У зносінах з органамі пракуратуры, пракурорскага нагляду іншых дзяржаў выкарыстоўваецца прымальная для бакоў мова.

Артыкул 18.

Мова юрыдычнай дапамогі

Юрыдычная дапамога грамадзянам і арганізацыям аказваецца на беларускай ці рускай мове або на прымальнай для бакоў мове.

Артыкул 19.

Мова міжнародных дагавораў

Міжнародныя дагаворы Рэспублікі Беларусь заключаюцца:

на беларускай і (або) рускай мовах і мове (мовах) другога боку дагавора;

на беларускай і рускай мовах, а таксама на мове трэцяга боку, выкарыстоўваемай у якасці даведачнай;

па дамоўленасці бакоў на мове трэцяга боку.

Артыкул 20.

Мова ва Узброеных Сілах, іншых вайсковых фарміраваннях Рэспублікі Беларусь

Ва Узброеных Сілах, іншых вайсковых фарміраваннях Рэспублікі Беларусь ужываюцца беларуская і (або) руская мовы.

ГЛАВА 3
МОВА АДУКАЦЫІ, НАВУКІ I КУЛЬТУРЫ

Артыкул 21.

Права на выхаванне і атрыманне адукацыі на нацыянальнай мове

1) Рэспубліка Беларусь гарантуе кожнаму жыхару неад’емнае права на выхаванне і атрыманне адукацыі на беларускай або рускай мове. Гэта права забяспечваецца сістэмай дашкольных устаноў, агульнаадукацыйных школ, прафесійна-тэхнічных вучылішчаў, сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных устаноў.

2) Права на выхаванне і атрыманне адукацыі на роднай мове маюць і асобы іншых нацыянальнасцей, якія жывуць у рэспубліцы.

3) Кіраўнікі і іншыя супрацоўнікі сістэмы адукацыі павінны валодаць беларускай і рускай мовамі.

Артыкул 22.

Мова выхавання ў дзіцячых дашкольных установах

1) У дзіцячых дашкольных установах, а таксама ў дзіцячых дамах у Рэспубліцы Беларусь выхаванне вядзецца на беларускай і (або) рускай мовах.

2) У адпаведнасці з пажаданнямі грамадзян па рашэнню мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў могуць стварацца дзіцячыя дашкольныя ўстановы або асобныя групы, у якіх выхаванне вядзецца на мове нацыянальнай меншасці.

Артыкул 23.

Мова навучання і выхавання, вывучэнне моў у агульнаадукацыйных школах

1) У Рэспубліцы Беларусь вучэбная і выхаваўчая работа ў агульнаадукацыйных школах вядзецца на беларускай і (або) рускай мовах.

2) У адпаведнасці з пажаданнямі грамадзян па рашэнню мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў могуць стварацца агульнаадукацыйныя школы або класы, у якіх вучэбна-выхаваўчы працэс вядзецца на мове нацыянальнай меншасці або вывучаецца мова нацыянальнай меншасці.

3) Ва ўсіх агульнаадукацыйных школах Рэспублікі Беларусь вывучэнне беларускай, рускай і адной з замежных моў з’яўляецца абавязковым.

4) Парадак вывучэння беларускай мовы вучнямі, якія часова знаходзяцца на тэрыторыі рэспублікі, вызначаецца рэспубліканскім органам дзяржаўнага кіравання ў галіне адукацыі.

Артыкул 24.

Мова навучання і выхавання ў прафесійна-тэхнічных вучылішчах, сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных установах

1) Навучанне і выхаванне ў прафесійна-тэхнічных вучылішчах, сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных установах Рэспублікі Беларусь ажыццяўляюцца на беларускай і (або) рускай мовах.

2) Беларуская мова ва ўсіх навучальных установах Рэспублікі Беларусь вывучаецца незалежна ад іх ведамаснай прыналежнасці.

Артыкул 25.

Мова ў сферы навукі

1) У Рэспубліцы Беларусь вынікі навукова-даследчых работ афармляюцца на беларускай або рускай мове.

2) Выканаўцы навукова-даследчых работ могуць выбіраць мову публікацый навуковых вынікаў.

Артыкул 26.

Мова ў сферы культуры

1) У Рэспубліцы Беларусь мовамі ў сферы культуры з’яўляюцца беларуская і (або) руская мовы.

2) Гарантуецца захаванне і развіццё культуры на мовах іншых народаў, прадстаўнікі якіх жывуць у рэспубліцы.

ГЛАВА 4

МОВА ІНФАРМАЦЫІ I СУВЯЗІ

Артыкул 27.

Мова сродкаў масавай інфармацыі

1) У Рэспубліцы Беларусь мовамі сродкаў масавай інфармацыі з’яўляюцца беларуская і (або) руская, а таксама мовы іншых народаў, прадстаўнікі якіх жывуць у рэспубліцы.

2) У сродках масавай інфармацыі не дапускаецца скажэнне агульнапрынятых норм выкарыстоўваемай мовы.

Артыкул 28.

Мова работы пошты і тэлеграфа

1)  У межах Рэспублікі Беларусь паштова-тэлеграфная карэспандэнцыя ад грамадзян, дзяржаўных органаў, органаў мясцовага кіравання і самакіравання, прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый і грамадскіх аб’яднанняў прымаецца на беларускай або рускай мове.

2) Пошта і тэлеграф забяспечваюцца маркамі, канвертамі, паштоўкамі, бланкамі і г.д., надпісы на якіх выконваюцца на беларускай або рускай мове і адпавядаюць патрабаванням актаў Сусветнага паштовага саюза і Міжнароднага саюза электрасувязі.

Артыкул 29.

Мова аб’яў, паведамленняў і рэкламы

Тэксты афіцыйных аб’яў, паведамленняў, плакатаў, афіш, рэклам і г.д. выконваюцца на беларускай або рускай мове.

Артыкул 30.

Мова маркіроўкі тавараў

1) Маркіроўка тавараў, этыкеткі на таварах, інструкцыі па карыстанню таварамі выконваюцца на беларускай або рускай мове.

2) Маркіроўка тавараў, прызначаных на вываз за межы Рэспублікі Беларусь, выконваецца на беларускай ці рускай мове або на мове заказчыка.

3) Назвы ў таварных знаках падаюцца на беларускай або рускай мове.

ГЛАВА 5

МОВА НАЗВАЎ

Артыкул 31.

Мова назваў дзяржаўных органаў, органаў мясцовага кіравання і самакіравання, прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый і грамадскіх аб’яднанняў

Афіцыйныя назвы дзяржаўных органаў, органаў мясцовага кіравання і самакіравання, прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый і грамадскіх аб’яднанняў даюцца на беларускай і (або) рускай мовах. Пры неабходнасці гэтыя назвы могуць давацца ў перакладзе на іншую мову.

Артыкул 32.

Мова тапонімаў і картаграфічных выданняў

1) У Рэспубліцы Беларусь тапонімы (назвы населеных пунктаў, адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак, вуліц, плошчаў, рэк і г.д.) даюцца на беларускай або рускай мове.

2) Назвы геаграфічных аб’ектаў, якія знаходзяцца па-за межамі Рэспублікі Беларусь, даюцца на беларускай або рускай мове ў адпаведнасці з традыцыяй, а новыя – у транскрыпцыі з мовы арыгінала.

3) Картаграфічныя выданні, прызначаныя для карыстання ў Рэспубліцы Беларусь, рыхтуюцца і друкуюцца на беларускай або рускай мове.

Артыкул 33.

Мова асабовых імён

1) Беларускія (рускія) асабовыя імёны і прозвішчы ўжываюцца ў адпаведнасці з нацыянальнай іменаслоўнай традыцыяй, нормамі і правіламі беларускай (рускай) мовы.

2) Асабовыя імёны і прозвішчы з іншых моў пішуцца і ўжываюцца на беларускай (рускай) мове ў адпаведнасці з правіламі перадачы іншамоўных уласных імён.

ГЛАВА 6

САДЗЕЙНІЧАННЕ НАЦЫЯНАЛЬНА-КУЛЬТУРНАМУ РАЗВІЦЦЮ ЭТНІЧНЫХ БЕЛАРУСАЎ,
ЯКІЯ ЖЫВУЦЬ ЗА МЕЖАМІ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

Артыкул 34.

Садзейнічанне нацыянальна-культурнаму развіццю этнічных беларусаў, якія жывуць за межамі Рэспублікі Беларусь

1) Рэспубліка Беларусь на аснове пагадненняў з іншымі дзяржавамі садзейнічае нацыянальна-культурнаму развіццю этнічных беларусаў, якія жывуць у гэтых дзяржавах.

2) Рэспубліка Беларусь у адпаведнасці з нормамі міжнароднага права садзейнічае задавальненню нацыянальна-культурных інтарэсаў асоб беларускага паходжання, якія жывуць у замежных краінах».

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь



 

Page précédente

Biélorussie

  Europe

Accueil: aménagement linguistique dans le monde